МУС пашырыў склад «экстрэмісцкага фармавання KYKY.ORG»
У пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 27 снежня з’явілася інфармацыя пра «дапаўненне ў экстрэмісцкае фармаванне KYKY.ORG».
Адпаведнае рашэнне было прынятае Міністэрствам унутраных спраў 26 снежня 2024 года і ў гэты ж дзень уступіла ў законную сілу.
Цяпер у пералік дададзеныя асобы, якія, на думку МУС, здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» на згаданым медыя: Аляксандра Раманава і Глеб Сямёнаў. А таксама інтэрнэт-пляцоўкі, дзе нібыта была заўважаная «экстрэмісцкая дзейнасць»:
- TikTok-канал з ідэнтыфікатарам www.tiktok.com/@kykyorg;
- YouTube-канал з назвай «Совсем KYKY» (ідэнтыфікатар www.youtube.com/@kyky1982);
- Instagram-акаўнт з ідэнтыфікатарам www.instagram.com/publishersasha.
Асобна згаданы лагатып медыя — «у выглядзе надпісу чорнага колеру «KYKY» на ярка-ружовым фоне».
Справа KYKY.ORG
Упершыню медыяпраект KYKY.ORG быў абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем» 6 траўня 2022 года. Рашэннне было прынята Міністэрствам унутраных спраў у той самы дзень. Яно тычылася «групы грамадзян, аб’яднаных праз сайт KYKY.ORG, Telegram-канал Кулуары KYKY, Telegram-чат TELL KYKY, суполкі сацыяльнай сеткі Instagram kyky_org, суполкі сацыяльнай сеткі Facebook KYKY.org, суполкі мэсанджара Twitter KYKY.ORG».
Сёлета ў студзені медыяпраект KYKY.ORG, які распачаўся ў 2010 годзе і займаў нішу гарадскога анлайн-часопіса ў Мінску, праз праблемы з фінансаваннем абвясціў пра прыпыненне працы сайта і змяненне фармату дзейнасці.
З прычыны масавых рэпрэсій з боку ўладнага рэжыму пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рэдакцыя KYKY, як і большасць незалежных медыяў, была вымушаная пакінуць Беларусь.