Удзельнікі фестывалю VOICES у Заграбе выказалі салідарнасць з беларускімі калегамі ў турмах
У пятніцу у межах журналісцкага фэсту VOICES у Харватыі прайшоў паказ фільма «Пад шэрым небам» беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч. Фільм, які цяпер вандруе па сусветных кінафестывалях, апавядае пра лёс беларускіх журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, асуджаных за асвятленне пратэстаў на «Плошчы Пераменаў» у Мінску.

Рэжысёрка Мара Тамковіч на сустрэчы з гледачамі ў межах фестывалю VOICES. Заграб, 28 лютага 2025 года. Фота: БАЖ
Гэты тэкст з’явіўся, дзякуючы дапамозе нашых чытачоў. Падтрымайце БАЖ!
Пасля прагляду рэжысёрка Мара Тамковіч сустрэлася з гледачамі і адказала на іх пытанні пра рэаліі працы беларускіх медыя, сітуацыю з правамі чалавека і лёс Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша, суд над якім акурат цяпер праходзіць у Мінску.
— Цяпер у Мінску судзяць Ігара Ільяша. Каця Андрэева надалей за кратамі. Пры ўсёй інтэнсіўнасці падзеяў на міжнароднай арэне мы мусім трымацца ў павестцы і не дазволіць свету забыць пра беларускіх вязняў сумлення, — кажа рэжысёрка фільма Мара Тамковіч.

Удзельнікі фестывалю VOICES у Заграбе выказалі салідарнасць з беларускімі калегамі ў турмах. 28 лютага 2025 года. Фота: БАЖ
Пасля прагляду фільма жадаючыя выказалі салідарнасць з беларускімі журналістамі і журналісткамі за кратамі, зрабіўшы здымкі з іх партрэтамі ў межах БАЖаўскай кампаніі «Марафон салідарнасці», якая наведала такім чынам ужо больш 30 краінаў.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.
