Скаргу журналіста Яўгена Нікалаевіча на прысуд будзе разглядаць Брэсцкі абласны суд
Асуджаны за «ўдзел у беспарадках» відэакарэспандэнт «Медиа-Полесье» Яўген Нікалаевіч абскардзіў прыгавор. Разгляд яго апеляцыйнай скаргі на рашэнне суда першай інстанцыі прызначаны на 3 снежня ў Брэсцкім абласным судзе. Справу будзе весці суддзя Кацярына Груда.
Сёлета на пачатку кастрычніку суддзя г. Пінска і Пінскага раёна Яўгенія Мельнік прызнала Яўгена Нікалаевіча вінаватым паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Звестак пра тое, які менавіта вырак вынесла суддзя, пакуль няма.
У 2020 годзе Яўген Нікалаевіч у якасці відэакарэспандэнта рэгіянальнага інтэрнэт-выдання «Медиа-Полесье» асвятляў у Пінску пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Непасрэдна ў пратэстах журналіст удзелу не браў і займаўся толькі тым, што фіксаваў падзеі ў горадзе, здымаючы фота і відэа.
Падчас выкананння прафесійных абавязкаў 10 жніўня 2020 года Яўген Нікалаевіч быў затрыманы і збіты. Двое сутак рэдакцыя «Медиа-Полесье» шукала свайго супрацоўніка, але ў пінскай міліцыі звестак пра месцазнаходжанне Яўгена Нікалаевіча не давалі. Толькі пазней стала вядома, што спачатку яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а пасля перавезлі ў штрафны ізалятар папраўчай калоніі ў Івацэвічах.
Калі журналіст выйшаў на волю, ён працягнуў прафесійную дзейнасць.
Напрыканцы жніўня быў ізноў затрыманы падчас асвятлення мірнай вулічнай акцыі і пакараны адміністрацыйным арыштам. У лістападзе 2020 года Яўгена Нікалаевіча выклікалі ў Пінскі ГАУС для дачы тлумачэнняў па крымінальнай справе аб знявазе мясцовага суддзі Бычылы. Як распавёў пазней Яўген, пасля гутаркі са следчым, у якога, выглядала, падазрэнні наконт датычнасці журналіста да злачынства зніклі, яго затрымалі адбываць адміністрацыйны арышт, што быў прызначаны раней.
Пасля адбыцця арышту Яўген Нікалаевіч з’ехаў з Беларусі. За мяжой працаваў у сферы, не звязанай з журналістыкай. На пачатку 2024 года ён вырашыў вярнуцца дадому і быў затрыманы. Калі дакладна гэта адбылося, невядома.