БАЖ падводзіць вынікі працы за год. Падтрымка журналістаў і медыяў, кампаніі салідарнасці, еўрапейскія ўзнагароды і ТікТок
Нягледзячы на працу ў выгнанні і «экстрэмісцкі» статус ад беларускага рэжыму, у адыходзячым годзе БАЖ ініцыяваў гучную акцыю салідарнасці, працягваў масава дапамагаць калегам і рэдакцыям, разам з Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў аднавіў конкурс «Вольнае слова». І гэта толькі малы спіс зробленага.
Здаецца, самы час падводзіць вынікі за год. Робім гэта разам з кіраўніцтвам арганізацыі.

Вільня, травень 2023 года. Фота: БАЖ
У гэтым «шалёным, шалёным, шалёным свеце» войнаў і канфліктаў праца БАЖ павялічваецца
Год пачаўся з таго, што рэжым начапіў на БАЖ цэтлік «экстрэмісцкае фармаванне». Падкрэслім, асацыяцыя стала першай з праваабарончых арганізацый, якія атрымалі такі статус. Рашэнне было прынятае КДБ 28 лютага ў пазасудовым парадку. Гэта не было нечаканасцю.
Але крыміналізацыя журналісцкай арганізацыі, натуральна, пагаршае ўмовы працы медыйшчыкаў, бо гэта акт запалохвання і акт абмежавання правоў і магчымасцяў калег, падкрэсліў тады намеснік БАЖ Барыс Гарэцкі.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. Фота: БАЖ
Як нагадвае старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, згодна з дадзенымі «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь — адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў у свеце. Апроч таго, яна лічыцца краінай з найбольшай колькасцю (пасля Кітая) жанчын-журналістак у няволі — 10. А тры з шасці самых жорсткіх прысудаў у свеце жанчынам-журналісткам былі вынесеныя беларускам: Марыне Золатавай (12 гадоў), Людміле Чэкінай (12 гадоў) і Валерыі Касцюговай (10 гадоў).

Інфаграфіка «Рэпарцёраў без межаў»
— Канешне, мы не маглі заставацца ў баку і ўсімі магчымымі спосабамі падтрымлівалі нашых калег, — падкрэслівае кіраўнік журналісцкай асацыяцыі. — У прыватнасці, правялі сусветную кампанію.
Гаворка пра Марафон салідарнасці з затрыманымі журналістамі. Ён стартаваў у Вільні, а на працягу года да яго далучыліся каля 30 краін, акцыя прайшла амаль на ўсіх кантынентах. Апошняе паведамленне атрымалі з Канады, дзе да Марафона далучыліся прадстаўнікі глабальнай сеткі па абароне і прасоўванні свабоды выказвання меркаванняў IFEX.
— Самае шчымлівае паведамленне мы атрымалі з Галівуда, — адзначае арганізатарка гэтага руху, дзякуючы якой марафон не спыняецца. — Рэжысёр з ЗША Эрні Барбараш вырашыў далучыцца да кампаніі салідарнасці, каб падтрымаць гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову.

Эрні Барбараш
Акцыю падтрымалі нават у далёкай Аўстраліі — мясцовы «Альянс медыя, забаў і мастацтваў» (MEAA) прыняў адпаведную рэзалюцыю і патрабаваў вызвалення журналістаў. А найбольш шырока да Марафона салідарнасці далучыліся «Рэпарцёры без межаў», якія запусцілі кампанію ў 12 краінах.
— Працягваем праваабарончую дзейнасць, хоць некаторыя акцэнты працы змяніліся, — працягвае Андрэй Бастунец. — Наша дзейнасць шырока падтрымліваецца міжнароднымі структурамі. Днямі падчас пасяджэння дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю распавялі пра стан медыясектара. Таксама актыўна супрацоўнічаем з Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў. А ў лістападзе 2023 года БАЖ быў адзначаны прэміяй Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Андрэй Бастунец на ўзнагароджанні ў Бруселі. Фота: Telegram-канал «Прадстаўніцтва па замежных справах»
ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON
Гульня ў люстэркі. Ідзем у TikTok. Кампаніі падтрымкі калег
Інфармацыйная праца БАЖ на далоні, дакладней на нашым сайце і ў сацсетках. Дарэчы, у гэтым годзе адбыўся вымушаны пераезд БАЖ на baj.media. Гэта была прэвентыўная мера, бо мы сутыкнуліся з пагрозай адабрання беларускімі ўладамі даменнага імя baj.by. Актыўныя дзеянні ўладаў у гэтым напрамку пачаліся адразу пасля публікацыі намі пазіцыі адносна правядзення Форуму аб кіраванні інтэрнэтам. Разумеючы небяспеку, сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў пераехаў на новы міжнародны адрас.
— Паралельна змагаліся з блакаваннем люстэрак беларускім рэжымам і Раскамнаглядам, — кажа Барыс Гарэцкі. — Як толькі нас блакуюць у Беларусі, мы адразу купляем чарговы дамен. З прычыны абмежаванняў у Расіі бачым меншую пазіцыю ў Google, але ёсць і выдатныя тэндэнцыі, якія я не буду агучваць, каб не даваць інфармацыю нашым ворагам.

Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. Фота: БАЖ
Два словы пра аўдыторыю, якая таксама пражывае няпростыя часы. Судзячы па выніках нашага апытання, многія чытачы адчуваюць стомленасць ад дрэнных навін ці перажылі выгаранне. Тыя ж калегі, якія знаходзяцца ў эміграцыі, часцей спасылаюцца на такія складанасці: немагчымасць сустракацца з роднымі і блізкімі, цяжкі псіхалагічны стан, вывучэнне замежнай мовы і пошук працы па прафесіі.

Скрыншот з вынікамі апытання беларускамоўнай версіі формы
— Дзякуючы гэтаму даследаванню, мы ўбачылі некалькі выразных сегментаў аўдыторыі, — дадае намеснік старшыні БАЖ. — Умоўна кажучы, ёсць сталыя медыяпрафесіяналы, а ёсць чытачы якім 20–25 гадоў. Для больш маладой аўдыторыі мы вырашылі запусціць канал у TikTok, у межах якога пераўпакоўваем самае галоўнае. Зрабіць тэкст адна справа, але яго трэба яшчэ данесці да чытача ў прывабнай форме. Таму цяпер у нас ёсць паўнавартасны SMM-аддзел, які вядзе Instagram, Facebook, Telegram.
Ва ўсіх сацсетках назіраем пэўныя нагоды для аптымізму. Аднак TikTok, канешне, дэманструе найвялікшы прагрэс.
— Выхад у TikTok стаў важным пунктам у развіцці БАЖ, як брэнда, — лічыць вядоўца бажаўскага TikTok Кацярына Васілёнак. — За першыя паўгода мы змаглі сабраць больш за паўмільёна праглядаў, улічваючы вельмі вузкую тэму і кантэнт выключна на беларускай мове. Прыемна, калі беларусы падыходзяць да мяне на вуліцы і кажуць: ведаю вас, вы з БАЖ, бачыў у TikTok. Гэта значыць, што ў нас атрымліваецца даносіць сэнсы аўдыторыі. Адзначу, што большая частка глядзіць нас з Беларусі.

Кацярына Васілёнак
Чытачы таксама маглі заўважыць, што на сайце стала значна больш унікальных публікацый. Гэта таксама намаганні па ўзмацненні інфармацыйнай кампаніі БАЖ. Мы асвятлялі праблемы, канфлікты, недарэчнасці, з якімі сутыкаюцца калегі. Нехта не мог вывезці з Украіны аўтамабіль, нехта — мае складанасці з атрыманнем ВНЖ.
— Акрамя таго, актыўна ўдзельнічалі і падтрымлівалі кампаніі па збору сродкаў для журналістаў, якія трапілі ў цяжкае становішча, — працягвае Барыс Гарэцкі. — У прыватнасці, для Юліі Цяльпук, якая трапіла ў ДТЗ у Беластоку і цяжка пацярпела. Атрымалася сабраць 16 тысяч злотых. Цяпер яна праходзіць лячэнне.
Таксама сёлета мы паспяхова дапамагалі збіраць сродкі для іншых нашых калег: Юрыя Несцярэнкі, Генадзя Верацінскага, Сяргея Сацука і Леаніда Судаленкі.
Найбольш гучнай кампаніяй улетку стаў марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!», які актыўна падтрымліваў і асвятляў БАЖ. Нагадаем, агульнымі намаганнямі атрымалася сабраць больш за 574 тысячы еўра. Гэта быў відавочны поспех дэмакратычных сіл і медыяў.
Нарэшце, у Літве адбыўся міжнародны турнір па футболе сярод журналістаў, правядзенне якога стала традыцыяй у мірны час і працягваецца дагэтуль. У ім прынялі ўдзел каманды з Украіны, Польшчы, Латвіі, Грузіі, Арменіі і Венгрыі, а таксама з Вільні і Каўнаса. Беларусы занялі 4‑е месца!

Беларуская каманда. Друскенікі, 2023 год. Фота: БАЖ
«Колькасць зваротаў да юрыстаў зніжаецца»
Праваабарончая дзейнасць застаецца адной з асноўных для БАЖ. Гэты напрамак адчуў вялікія змены.
— Цяпер, з вяртаннем да працы Леаніда Судаленкі ўсе рэгіёны маюць прадстаўнікоў, — падкрэслівае намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў, які ў гэтым годзе быў прызнаны праваабаронцам года. — Але колькасць зваротаў да юрыстаў зніжаецца. Калі раней большая частка намаганняў ішла на прававую дапамогу, то цяпер павялічваецца колькасць запытаў ад тых, хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Гэта вялікі кавалак працы.

Алег Агееў. Фота: БАЖ
У той жа час патрабуе большай увагі міжнародны напрамак. Справа ў тым, што Рада Еўропы адмовілася ад кантактаў з беларускім рэжымам і пераключыла рэсурсы на дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. У межах гэтай дзейнасці былі праведзеныя два важныя мерапрыемствы ў Страсбургу і Варшаве, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі БАЖ.
— Канешне, рэпрэсіі не зніжаюцца. Мы назіраем выхад на своеасаблівае плато. Колькасць зняволеных журналістаў амаль не змяншаецца: адны супрацоўнікі медыяў выходзяць на волю, але затрымліваюць іншых, — нагадвае Алег Агееў. — Відавочна, што рэпрэсіі на спад не ідуць, а на большае ў рэжыму не хапае рэсурсаў.
Год якасці і эксперыментаў
Не менш важная адукацыйная дзейнасць, якая заўсёды лічылася козырам БАЖ. Вэбінары і семінары не спыніліся. І яны выклікаюць вялікую цікавасць.
— Гэта быў год якасці і эксперыментаў, — лічаць адказныя кіраўнікі. — Мы падлічылі агульную колькасць удзельнікаў мерапрыемстваў, атрымалася 348 чалавек. Гэта як у лепшыя нашы гады. То бок івэнтаў менш, а ўдзельнікаў — не.
Па назіраннях супрацоўнікаў асацыяцыі, каля траціны ўдзельнікаў — новыя людзі. То бок тыя, хто нядаўна далучыўся да прафесіі альбо хто плануе далучыцца. Адукацыйныя курсы ўсё часцей наведваюць не толькі журналісты, але і медыяактывісты, праваабаронцы.
Доўгатэрміновы курс па фактчэкінгу добра адлюстроўвае запатрабаванні часу. Гэтыя семінары наведвалі не менш за 28 чалавек.
— Асабліва адметна, што з намі працягваюць працаваць украінскія партнёры і арганізацыі. Гэта сведчыць пра давер да БАЖ, — дадалі адказныя за адукацыйную дзейнасць.
Ёсць запыт на правядзенне афлайн-мерапрыемстваў, аднак цяпер гэта патрабуе больш рэсурсаў — трэба забяспечыць сродкі на пераезд, пражыванне і г. д.
Яскравай і сімвалічнай падзеяй стала аднаўленне конкурсу «Вольнае слова» пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася ў верасні 2023 года ў Вільні, куды з’ехаліся беларускія журналісты з розных краін. Як у старыя і добрыя часы.

Пераможцы конкурсу «Вольнае слова» у 2023 годзе. Фота: БАЖ
Чытайце яшчэ:
Шлях да Беларусі ляжыць праз перамогу ва Украіне? Дыскусія пра тое, як утрымаць наш інфармацыйны парадак у свеце
Беларусь згадваецца як адна з трох найбуйнейшых турмаў для журналістаў. «Рэпарцёры без межаў» падрыхтавалі сумную справаздачу
Алег Агееў: Гэта выклік — як бараніць правы іншых, калі беларускія праваабаронцы самі з’яўляюцца ўразлівай групай
