• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэжысёр з ЗША: «Вырашыў далучыцца да Марафону салідарнасці, каб падтрымаць Ларысу Шчыракову»

    Чарговы знак падтрымкі беларускіх журналістаў, якія цяпер знаходзяцца ў месцах зняволення. На гэты раз да ініцыяванага БАЖ  Марафону салідарнасці са зняволенымі журналістамі далучыўся Эрні Барбараш — рэжысёр з ЗША. Ён вырашыў падтрымаць журналістку з Гомеля Ларысу Шчыракову, чыю крымінальную справу сёння пачынае разглядаць Гомельскі абласны суд.

    — Калі я пабачыў пасты Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі ў Insta­gram (з акцыі на фэсце «Тутака» ў Польшчы), — напісаў Эрні Барбараш, — то вырашыў далучыцца да Марафону салідарнасці. Выбраў фота Лоры Шчыраковай, з якой рэгулярна камунікаваў з 2021 года, пакуль яе не забралі… Які жах…

    Эрні Барбараш — рэжысёр і сцэнарыст, які нарадзіўся ў Адэсе ў 1977 годзе. Разам з бацькамі ён пераехаў у Канаду, цяпер жыве і працуе ў Лас-Анджалесе (ЗША). Кожны тыдзень ён публікуе ў сацсетках гісторыю аднаго з беларускіх палітвязняў. А летась зрабіў мазаіку з карціны «Узяцце Бастыліі», выкарыстаўшы фотаздымкі тых, хто знаходзіцца за кратамі.

    — Ёсць шэраг фактараў, якія трымаюць мяне матываваным, — расказаў Эрні Барбараш у інтэрв’ю «Вясне». — Галоўнае — гэта самі зняволеныя, гераізм бязвінных людзей, пасаджаных толькі за тое, што выходзілі на пратэст, іх гісторыі — пачынаючы ад актыўнага супраціву рэжыму і заканчваючы абсурдам зняволення за каментар у сацсетках. Я адчуваю, што мы абавязаныя працягваць барацьбу дзеля іх. Яны адстойвалі тое, што лічылі правільным, і былі за гэта разгромленыя. Яны не могуць змагацца знутры — але мы тут, мы вольныя, наш абавязак — працягваць барацьбу. Несправядлівасць і вар’яцтва таго, што адбываецца з людзьмі ў Беларусі, у сучаснай краіне ў цэнтры Еўропы, прымушае мяне гневацца. Чым больш я чытаю і чую пра гэтых людзей і іх сем’і, якія засталіся без іх, тым больш я хачу дапамагчы.

    Нагадаем, Марафон салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі рэпарцёрамі стартаваў у Вільні 3 траўня з сумеснай акцыі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюза журналістаў Літвы.

    Да акцыі ўжо далучыліся ў Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі ды іншых краінах.

    БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці!

    Вы можаце раздрукаваць ПАРТРЭТЫ зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseThe­Jour­nal­ist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media .

    #СвабодуЖурналістам
    #BecauseThe­Jour­nal­ist

    А ў суботу, 29 ліпеня, пройдзе анлайн-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!», падчас якога можна будзе фінансава падтрымаць палітвязняў. У мерапрыемстве прымуць удзел больш за 20 незалежных СМІ. БАЖ таксама далучыцца да акцыі. Трансляцыя будзе весціся адначасова на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках з 10‑й ранку да 10‑й вечара па мінскім часе.

    Чытайце яшчэ:

    У суботу — анлайн-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!» Сабраныя грошы пойдуць на падтрымку палітвязням і іх родным

    Акцыя на фэсце «Тутака»: Ціханоўская, Латушка, Івулін і іншыя падтрымалі зняволеных журналістаў

    «За кратамі ўвесь час марыў пра дранікі». Леанід Судаленка пра першыя дні на волі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Субота — апошні дзень! Прыём матэрыялаў на конкурс «Вольнае слова»

    Творчы конкурс «Вольнае слова» праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Да 31 траўня прымаюцца матэрыялы за 2024 год.
    15.05.2025
    Акцэнты

    «Вольнае слова-25»: хто стаў пераможцам? Павіншуйце лаўрэатаў!

    Сёння ў Вільні ізноў сабраліся журналісты, каб павіншаваць пераможцаў конкурсу «Вольнае слова», на якім штогод вызначаюць прафесійна дасканалыя тэксты нашых суайчыннікаў. Нагадаем, што апошнія тры гады творчае спаборніцтва праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. 
    16.09.2025
    Акцэнты

    «Магчымасць пагаварыць у фармаце «без гальштукаў». БАЖ правёў МедыяКэмп ШМАТ ФОТА

    Больш за 30 беларускіх медыйшчыкаў і медыйшчыц з’ехаліся пад Коўна, каб абмеркаваць надзённыя праблемы, набыць новыя веды, досвед і знаёмствы ў тэматычным МедыяКэмпе «За Кадрам».
    21.07.2025
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці