• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сумленне і гонар за кратамі. У розных краінах прайшла акцыя салідарнасці з Паўлам Мажэйкам

    Вядомаму журналісту, культурніцкаму менеджару і грамадскаму дзеячу Паўлу Мажэйку прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Калегі Паўла зладзілі акцыю, каб падтрымаць яго: у розных краінах і гарадах яны сфатаграфавалі яго выяву з подпісам «Журналістыка — не злачынства».

    Гродзенскі абласны суд вынес прысуд вядомаму журналісту, культурніцкаму менеджару і грамадскаму дзеячу Паўлу Мажэйку. Суддзя Максім Філатаў, вядомы гучнымі палітычнымі выракамі, прысудзіў яму 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Справу супраць Паўла зляпілі з таго, што было, і «ацанілі» максімальна жорстка. Афіцыйнае абвінавачанне пракурора гучыць як сюр, у адэкватнасць і рэальнасць якога складана паверыць. Але за гэтым сюрам стаяць рэальныя людзі, жыцці і лёсы.

    Калегі Паўла зладзілі акцыю, каб падтрымаць яго: у розных краінах і гарадах яны сфатаграфавалі яго выяву з подпісам «Журналістыка — не злачынства».

    «Мы хочам падтрымаць Паўла і яго родных, паказаць, што мы памятаем і перажываем за яго, верым у яго і вельмі чакаем на волі. А таксама нагадаць, што за кратамі ў Беларусі несправядліва пакутуюць бязвінныя сумленныя людзі. Страшнай цаной яны даказваюць важнасць такіх каштоўнасцяў, як свабода, дэмакратыя і правы чалавека», — кажуць ініцыятары акцыі.

    Прыводзім гэтыя здымкі, а таксама разам з аўтарытэтнымі беларусамі размаўляем пра Паўла.

    Андрэй Бастунец, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў: Павел ёсць для мяне адным з увасабленняў Горадні

     — Памятаю, як яшчэ ў 2001–2002 гадах Павел, які працаваў у той час у газеце «Пагоня», і рэдактар газеты Мікола Маркевіч, трапілі пад крымінальны пераслед па абвінавачанні за абразу прэзідэнта і паклёп на яго ў публікацыі. Тады юрысты БАЖ, адвакаты збіраліся і абмяркоўвалі стратэгіі і пазіцыю абароны. Мы яшчэ верылі, што закон можа спрацаваць. Гэтага не адбылося і тады.

    1_0.jpg

    Але, у рэшце рэшт, Міколу і Паўла прыгаварылі не да пазбаўлення волі, а да «хіміі». Прычым тэрміны тады былі зусім іншымі — 2–2,5 гады абмежавання волі, потым скарочаныя на год па амністыі.

    А сёння… Сёння ў Беларусі права не працуе зусім. «Закон» успрымаецца «законнікамі» як сінонім слову «кайданы» ці «дубінка». І ў мяне ўвесь час адныя асацыяцыі: з дзікім паляваннем караля Стаха і з апрычнінай. Гутаперчавыя фармулёўкі вызначэння «экстрэмізм» у беларускім заканадаўстве (яны, дарэчы, займаюць больш за старонку тэксту) даюць магчымасць «апрычнікам» называць экстрэмізмам усё, што заўгодна — ад забойстваў да лайкаў пад допісамі ў сацсетках. А пракуратура і суды штампуюць шалёныя тэрміны. Да права гэта не мае аніякага дачынення.

    Чаму журналістыка ў Беларусі стала крымінальным злачынствам? Адказ банальны: аўтарытарныя, а тым больш таталітарныя рэжымы разглядаюць манаполію на інфармацыйную прастору як сродак свайго выжывання. Беларуская незалежная журналістыка — я маю на ўвазе менавіта журналістыку — заўсёды была пад ціскам. Былі пэўныя перыяды, як у 2018–2019 гг., калі пятля на яе шыі крыху паслаблялася. Але ж заставалася. А тым часам медыйнае і крымінальнае заканадаўства станавіліся ўсё больш і больш жорсткімі. Пакуль не ператварыліся ў карны механізм супраць «іншадумства».

    Пасля стрэсу, выкліканага пратэстамі, Лукашэнка, а потым і іншыя службоўцы заявілі (не разумеючы, відаць, якія менавіта тэрміны яны ўжываюць), што ідзе «зачыстка», што СМІ, журналісты, грамадскі сектар — гэта пухліна, якую трэба выдаліць. Вось і «працуюць».

    Я пазнаёміўся з Паўлам, калі ён першы раз трапіў пад пераслед. Падчас працэсу трымаўся мужна і з уласцівай яму ўсмешкай. Я амаль зайздрошчу яго знешняй адкрытасці і аптымізму, не ведаю, канешне, што хаваецца за імі. І ягонай лёгкасці пераходзіць ад адной справы да іншай і не губляць пры гэтым сябе. Ён быў і журналістам, і вядоўцам тэлепраграм, і медыяменеджарам, і палітыкам — бо пазіцыя прэсавага сакратара Аляксандра Мілінкевіча, які быў абраны адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах-2006, безумоўна, палітычная, і грамадскім дзеячам… Але заўсёды ў мяне пры сустрэчах з ім заставалася адчуванне святла.

    І яшчэ ён ёсць для мяне адным з увасабленняў Горадні. Як, дарэчы, і Анджэй Пачобут, які зараз адбывае пакаранне зняволеннем за сваю журналісцкую і грамадскую дзейнасць. Цудоўныя людзі (а я магу пералічыць значна больш імёнаў) і цудоўны горад, якім яго робяць менавіта гэтыя асобы.

    Я хацеў бы паразмаўляць з Паўлам на волі і ў вольнай Горадні і атрымаць гэтую магчымасць як мага хутчэй. Менавіта гэтыя словы я хацеў бы перадаць яму. І што ўсе мы памятаем пра яго, робім тое, што магчыма, верым у яго. І чакаем.

    Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры: Найлепшай падтрымкай для Паўла было б, каб кожны беларус развіваў свае беларускія цэнтры жыцця

    — Павел ужо даўно мусіў бы быць прызнаны пачэсным грамадзянінам Гродна, бо ён неймаверна шмат зрабіў для свайго горада, для аднаўлення ў ім духу свабоды і творчасці, для ўшанавання славутых і вяртання забытых імёнаў гарадзенцаў. Чаго толькі вартая серыя «Гарадзенская бібліятэка», у межах якой выйшла 13 кніг.

    Ён бачыў Гродна як горад, які сілкаваў усю Беларусь у розныя часы — талентамі, ідэямі, натхненнем. Гэта была яго прастора, якая не абмяжоўвалася толькі цудоўнай пляцоўкай «Цэнтр гарадскога жыцця». Для яго тут быў Цэнтр жыцця. Цэнтр Сусвету.

    І менавіта такія дзейныя людзі, выдатныя менеджары, прафесіяналы сваёй справы і сапраўдныя патрыёты, як Паша, у сваіх Цэнтрах жыцця ў розных кутках нашай краіны ўкладаюць падмурак незалежнай Беларусі, робяць яе магчымай, нягледзячы на перашкоды замест спрыяння. Таму Гродну і яго жыхарам, а разам з тым усім беларусам, пашанцавала, што ў іх ёсць Павел Мажэйка.

    Мяркую, крыху ведаючы Паўла, што найлепшай падтрымкай для яго было б, каб кожны неабыякавы беларус пашыраў і развіваў свае беларускія цэнтры жыцця: на ўзроўні свайго горада ці супольнасці, у межах сваіх сяброў ці ў сямейным коле, нават у самім сабе.

    І калі няма магчымасці зрабіць сваю пляцоўку, заснаваць кніжную серыю, спрадусаваць выхад музычнага альбома ці натхніць навукоўцаў на важныя даследаванні, то можна проста вывучыць гісторыю свайго роду і сваёй краіны, купляць беларускія кнігі і музыку альбо проста перайсці паступова на беларускую мову. І гэта ўсё будзе добрым унёскам у тую справу, якую робіць Павел.

    Георгій Рой, клірык Усяленскага патрыярхату: Ты, дарагі Павел, непараўнальна больш свабодны, чым твае суддзі і турэмшчыкі

    — Як святар магу сказаць так: пра чалавека вельмі многа гавораць яго вочы. Я заўсёды здзіўляўся наколькі светлы і добры погляд у гэтага чалавека. І праз яго вочы, і праз словы, і праз справы ад Паўла заўсёды ідзе нейкае святло і дабрыня. Я не скажу, што мы сябры, але штораз, калі бачыліся і размаўлялі, то стасункі нашы былі вельмі прыязнымі, а размовы змястоўнымі і цікавымі.

    На мой погляд, адзін з найбольшых унёскаў у жыццё і гісторыю Гродна Павел зрабіў, стварыўшы Цэнтр гарадскога жыцця. Сапраўды, гэтая пляцоўка была поўнай найцікавейшага інтэлектуальнага і культурнага жыцця, месцам сустрэч і супольнага баўлення часу. Я вельмі любіў бываць там.

    Але, бадай, самыя запамінальныя сустрэчы, калі я, бывала, праходзячы міма, заходзіў у этнакраму «Цудоўня» і недзе там у дворыку незапланавана сустракаў Паўла, і ён запрашаў на кубачак кавы. Тады можна было спакойна і няспешна з ім пагутарыць, падзяліцца, як кажуць, думкамі. Падчас гэтых размоў ён найбольш раскрываўся менавіта як чалавек, а не як журналіст і менеджар.

    Яго турэмнае зняволенне, крымінальная справа — абсалютна несправядлівыя з’явы! Чаму рэжым пераследуе Паўла і іншых сумленных і добрых людзей, зразумела. Кожны, хто здольны і мае смеласць сказаць праўду і змагацца за яе, становіцца пагрозай той ілжы, якая апутала ўсё беларускае грамадства. Судзіць журналіста за яго працу і грамадзяніна за яго пазіцыю — сапраўднае злачынства. Чым больш ілжы пляцецца, чым больш несправядлівасці і гвалту дзеецца, тым большая бяда насоўваецца на наш народ, бо немагчыма збудаваць жыццё грамадства на няпраўдзе.

    Хачу сказаць Паўлу, што вельмі перажываю і малюся за яго. Вельмі спадзяюся, што хутка ўбачымся на волі. Павел, у тваёй пакуце ты не адзін. З табою Хрыстос! Гасподзь Ісус заўсёды з тымі, хто пакутуе і церпіць несправядлівасць. Хрыстос падзяляе твой лёс, дарагі Павел! Якімі б цяжкімі не былі тыя пакуты, якія ты прымаеш цяпер, няхай Нябесны Айцец заўсёды дапамагае табе бачыць святло і напаўняцца ім. Ты, дарагі Павел, непараўнальна больш свабодны, чым твае суддзі і турэмшчыкі!

    Алесь Пашкевіч, гісторык: Для тых людзей, якім даводзіцца цяпер дзяліць з Паўлам турэмную прастору, ён таксама «падарунак лёсу»

    — З Паўлам Мажэйкам блізкімі сябрамі мы не былі, але асабіста, знаёмыя. Найбольш добра я з ім пазнаёміўся, кантактуючы па кнігавыдавецкіх справах. Нейкі час беларускія выдаўцы рэгулярна ўдзельнічалі ў кніжных кірмашах у Польшчы, сярод прадстаўленых на іх быў і кнігавыдавецкі праект «Гарадзенская бібліятэка», адным з ініцыятараў якога быў акурат Павел.

    Праект гэты глядзеўся вельмі годна сярод рэгіянальных выдавецкіх праектаў у Беларусі — краіне вельмі моцна цэнтралізаванай і завязанай на сталіцу. «Гарадзенскай бібліятэцы» ўвогуле не было роўных не толькі па колькасці выдадзенага, але і па выдавецкай якасці, якая таксама была на ўзроўні.

    Вядома, немалую ролю адыгрывала тое, што Горадня несумненна другі па значнасці пасля Менску інтэлектуальны цэнтр Беларусі. Менавіта тут жыве і працуе шмат таленавітых і адданых справе творчых людзей. Але мала таго, што такія людзі проста ёсць — для найбольшай эфектыўнасці трэба, каб іх нехта гуртаваў у адзіную супольнасць, іІ роля Паўла Мажэйкі ў гэтым працэсе шмат гадоў была адной з ключавых.

    Колькі мне ні даводзілася бываць у Горадні з нейкімі прэзентацыямі ці ўдзелам у розных мерапрыемствах, заўсёды ў ліку іх арганізатараў быў Мажэйка ці створаныя ім структуры. Ён — сапраўдны рухавік мясцовага грамадскага жыцця, і ў сённяшняй Беларусі, дзе ўлады нацэленыя менавіта на задушэнне грамадскай актыўнасці ў любых яе праявах, такія энергічныя людзі сталі першачарговымі мішэнямі для рэпрэсій.

    Бывалі, вядома, у нас і нефармальныя сустрэчы ў кулуарах тых мерапрыемстваў ці пасля запісу гістарычных праграм. Павел заўсёды быў, як той казаў, душой кампаніі — вясёлы, дасціпны, гаваркі. І разумны, эрудзіраваны. Нездарма ён вёў перадусім інтэлектуальныя праекты. Думаю, для тых людзей, якім давялося і даводзіцца дзяліць цяпер з Паўлам абмежаваную турэмную прастору, ён таксама «падарунак лёсу». Мяркуючы па тых урыўкавых звестках, якія даходзяць ад яго з‑за кратаў, духам ён нават у тых нялюдскіх умовах не падае і застаецца самім сабой. Значыць, падбадзёрвае, весяліць ды натхняе сукамернікаў і там.

    Для яго самога гэта выпрабаванне ўжо не першае, але відавочна па складанасці непараўнальнае з папярэднімі. Даводзіцца адно толькі верыць ды спадзявацца на тое, што ў ягоным выпадку вядомае выслоўе, што моцных выпрабаванні не аслабляюць, а толькі больш загартоўваюць, акажацца цалкам слушным. Ну і, вядома, надзея на тое, што ўсё ж такі працягнутую кáтамі чашу пакутаў урэшце давядзецца піць не да самага дна, таксама ёсць.

    Чытайце яшчэ:

    Родныя Анджэя Пачобута не атрымліваюць ад яго лістоў амаль тры тыдні

    «За кратамі ўвесь час марыў пра дранікі». Леанід Судаленка пра першыя дні на волі

    Подпісу Лукашэнкі не паказалі. Заключныя фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці