Сёлета за паўгода пракуратура Магілёўскай вобласці абмежавала доступ з Беларусі да дзевяці інтэрнэт-рэсурсаў
Доступ абмежаваны Дзяржаўнай інспекцыяй па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ў адпаведнасці з пастановамі пракурора Магілёўскай вобласці Валерыя Куліковіча.

Пракуратура Магілёўскай вобласці. Фота: prokuratura.gov.by
Усе гэтыя дзевяць інтэрнэт-рэсурсаў, як даводзіць пракуратура Магілёўскай вобласці, «маглі нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам» краіны, бо там нібыта «публікаваліся звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, накіраваныя на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыю органаў улады і праваахоўнай сістэмы».
Служба інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці паведамляе, што адзін з інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх з тэрыторыі Беларусі заблакаваны, гэта сайт «Прадстаўнiцтва па нацыянальным адраджэннi» (ідэнтыфікатар rеvivalbelarus.org). Паводле надзорнага ведамства, сайт з’яўляецца «часткай экстрэмісцкага фармавання «Аб’яднаны пераходны кабінет» і на яго старонках размяшчаліся спасылкі на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя матэрыялы. Да слова, сайт «Прадстаўнiцтва па нацыянальным адраджэннi» не ўключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Астатнія восем інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны паводле пастаноў пракурора Магілёўскай вобласці, у паведамленні прэсавай службы не называюцца.
@bajmedia